Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непрыняцьце беларусамі гвалту — падмурак для нацыянальнага дыялёгу, — філёзафка Тацяна Шчытцова


Акцыя пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Менску, нядзеля, 25 кастрычніка 2020 году
Акцыя пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Менску, нядзеля, 25 кастрычніка 2020 году

Філёзафка Тацяна Шчытцова, аўтарка новай кнігі «Салідарнасьць узрушаных», тлумачыць, якія новыя якасьці набыло беларускае грамадзтва ў 2020 годзе, актуалізуе панятак «дэкалянізацыя» і дае свой адказ на пытаньне, ці пацярпела паразу беларуская рэвалюцыя.

Сьцісла:

  • У 2020 годзе ўзьнік новы тып калектыўнага палітычнага суб’екта, які быў здольны каардынавацца на прынцыпах гарызантальнага ўзаемадзеяньня.
  • Досьвед 2020 году паказвае, што беларусы маюць жаданьне істотна перагледзець адносіны паміж дзяржавай і грамадзтвам.
  • Новае вымярэньне для нашага самаасэнсаваньня можна каротка пазначыць словам «дэкалянізацыя», супрацівам пагрозе паглынаньня Расеяй
  • Беларусы супраць гвалту, незалежна ад іхнай палітычнай пазыцыі.

— У гэтыя дні гучаць рэфлексіі ў сувязі зь пятай гадавінай выбараў 9 жніўня і ў цэлым падзеяў 2020 году. Можна канстатаваць, што на сёньня значная частка гэтых развагаў дастаткова пэсымістычная і нэгатыўная. З вашых інтэрвію і выступаў відаць, што вашая рэакцыя зусім іншая, больш гістарычна аптымістычная. Чаму, чым яна абгрунтаваная?

— Перш за ўсё хачу падкрэсьліць, што я не чалавек у ружовых акулярах. Разумею, што наша супольнасьць, асабліва дыяспаральная яе частка, мае шмат падставаў для крытычных самарэфлексіяў.

Але адначасова — пэўны мой аптымізм зьвязаны з разуменьнем тых стратэгічных, вельмі істотных дасягненьняў, якія трэба фіксаваць і таксама абмяркоўваць. І калі я кажу «стратэгічных», то маю на ўвазе, што пэўныя зрухі й дасягненьні 2020 году, а таксама досьвед апошніх пяці гадоў закладваюць важны падмурак для будучыні беларускай супольнасьці, для разьвіцьця нашай краіны.

Адбыліся сапраўды вельмі істотныя рэчы, некаторыя зь іх пазначу.

Беларуская прадэмакратычная супольнасьць актуалізавала непрыняцьце аўтарытарызму яшчэ ў 2020-м годзе

Перш за ўсё — у 2020-м узьнік новы тып калектыўнага палітычнага суб’екта, які быў здольны каардынавацца на прынцыпах гарызантальнага ўзаемадзеяньня. І наш палітычны досьвед і 2020 году, і досьвед узаемадзеяньня ўжо ва ўмовах вымушанай эміграцыі паказвае, падкрэсьлівае гэтую здольнасьць да гарызантальнай каардынацыі, даволі пасьпяховай. І такім чынам была вельмі істотна праблематызаваная й паказаная непрымальнасьць для нашай супольнасьці такога тыпу палітычнага жыцьця, які базуецца на прынцыпе абсалютна аўтарытарнай інстанцыі.

У эўрапейскім і глябальным кантэксьце, які сёньня характарызуецца пэўным крызісам дэмакратыі і веры ў дэмакратычныя інстытуты, беларуская прадэмакратычная супольнасьць актуалізавала непрыняцьце аўтарытарызму яшчэ ў 2020-м годзе. Працягваем прытрымлівацца гэтай каштоўнасьці і цяпер.

То бок я хацела б падкрэсьліць, што наш досьвед як супольнасьці — палітычны, каштоўнасны — тычыцца ня толькі нас, але і пытаньня, якая будучыня ў пабудовы дэмакратычных грамадзтваў наагул.

Наша краіна так ці інакш будзе трансфармавацца ў бок зьніжэньня гэтай аўтарытарнай хваткі — больш імкліва ці больш паступова. Наш досьвед паказвае, што ёсьць жаданьне істотна перагледзець адносіны паміж дзяржавай і грамадзтвам.

— У кнізе «Салідарнасьць узрушаных» вы пісалі менавіта пра новы запыт грамадзтва і пра салідарнасьць людзей. Па-вашаму, ці яна захавалася сёньня і ў Беларусі, і ў дыяспары? Ці захаваліся тыя добрыя тэндэнцыі і зьявы, якія выбухнулі ў 2020-м? Ці мо ўладзе ўдалося хаця б вонкава прыглушыць салідарнасьць людзей?

— Мне здаецца, што перад тым, як пачынаць крытыку й абмяркоўваць, што ня так і як штосьці палепшыць, трэба фіксаваць пазытыўныя зьявы. Што ў нас ёсьць? Створаныя інстытуцыі, якія прадстаўляюць дэмакратычныя сілы. Мы бачым, што там шмат напружаньня, канфліктаў, але дастаткова ўзяць для параўнаньня досьвед любой іншай краіны, якая была ў больш-менш параўнальным стане. Заўсёды былі розныя пэрыяды, узаемная крытыка, прадстаўнікі розных поглядаў. Для палітычнага жыцьця цалкам нармальна, што ёсьць і канфлікты, і разыходжаньні, і гэтак далей.

Беларуская прадэмакратычная супольнасьць існуе ў трансьмежавым рэжыме

Але ў нас ёсьць шэраг інстытуцыяў, якія працягваюць існаваць і камунікаваць адна з адной. У нас ёсьць сетка незалежных мэдыя. Што тычыцца нашай супольнасьці, то ёсьць вялізная колькасьць незалежных арганізацыяў — у дыяспары перш за ўсё, але ёсьць і фармальныя і нефармальныя суполкі, ініцыятывы, якія застаюцца ў Беларусі. То бок беларуская прадэмакратычная супольнасьць існуе ў трансьмежавым рэжыме. Мы захоўваем сувязь: дыяспара мае кантакты зь беларусамі ў Беларусі, шукае іх падтрымку і прапануе сваю.

То бок ёсьць інстытуцыі, сетка мэдыя і цэлы шэраг арганізацый самага разнастайнага кшталту — праўныя, адукацыйныя, культурніцкія. Працягваецца ўзаемадапамога, беларусы зноў і зноў зьбіраюць грошы, каб падтрымаць адно аднаго ў цяжкім становішчы.

І абавязкова трэба ўзгадаць тое, што робяць «Кібэрпартызаны», каб процістаяць вайне Расеі супраць Украіны, якая вядзецца пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі.

— Пра падзеі 2020 году некаторыя палітолягі казалі амаль як пра «нараджэньне нацыі», новай грамадзянскай супольнасьці. Аднак іншыя заяўляюць, што нічога такога не адбылося. Маўляў, у цэлым беларуская нацыя засталася ў тым самым прарасейскім стане, а значная частка беларусаў па-ранейшаму за аўтарытарныя спосабы кіраваньня.

— Пасьля 2020-га быў 2022 год, пачатак поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, які зрабіў пэўнае перафарматаваньне й беларускай сытуацыі. Ён увёў новае вымярэньне нашага самаасэнсаваньня. Яго можна каротка пазначыць словам «дэкалянізацыя», або супраціў гэтаму новаімпэрскаму дамінаваньню й пагрозе паглынаньня з боку Расеі. І гэта працягваецца цяпер — пераасэнсаваньне беларусамі нашага пазыцыянаваньня ў рэгіёне і ў Эўропе.

Давайце паглядзім сацыялягічныя апытаньні гэтых пяці гадоў і нават за апошнія тры гады. Яны паказваюць, што ў нас ёсьць добрая база, яна нікуды ня зьнікла.

Беларусы супраць гвалту незалежна ад іхнай палітычнай пазыцыі

Што я маю на ўвазе? У Беларусі адназначна нэгатыўнае стаўленьне да гвалту, рэпрэсіяў, удзелу ў вайне. Прасочваецца вельмі сталая тэндэнцыя. Этычны падмурак, актуалізаваны ў 2020 годзе, прасочваецца й зараз праз усе апытаньні цягам усіх гэтых гадоў.

То бок беларусы супраць гвалту незалежна ад іхнай палітычнай пазыцыі. Беларусы за тое, каб так інстытуцыйна працавала супольнасьць, дзяржава, каб яна не прадукавала гэты несувымерны, нерацыянальны, недапушчальны гвалт. Гэта першае.

На жаль, гэты этычны падмурак вельмі рэдка згадваюць. Але гэта й ёсьць, на мой погляд, падмурак для магчымасьці нацыянальнага дыялёгу з прадстаўнікамі самых розных лягераў.

І яшчэ адно пытаньне — нацыянальнага сувэрэнітэту, супрацьстаяньне пагрозе паглынаньня Расеяй. То бок у нас ёсьць прынамсі два прынцыпы, якія ствараюць падставу для нацыянальнага дыялёгу.

— Ці можна сказаць (і гэта заяўляюць многія), што «беларуская рэвалюцыя пацярпела паразу»? Вы ў сваёй кнізе пішаце, што «гэтае меркаваньне карэктнае ў вузкім паліталягічным сэнсе, як канстатацыя факту, што пратэст не прывёў да зрынаньня рэжыму. Аднак сэнс, вынік і эфэкты нашага руху пратэсту выходзяць далёка за рамкі пытаньня аб зьмене ўлады. Рух пратэсту адкрыў новую старонку палітычнай гісторыі Беларусі». Але ў чым зьмест гэтай старонкі, куды яна вядзе?

— Наш шлях працягваецца. Разумею, з аднаго боку, людзей, якія гавораць, што нельга заставацца ў 2020 годзе. Вядома, заставацца там ня трэба, бо ўжо пяць гадоў прайшло.

Але празь пяць гадоў пасьля нашай рэвалюцыі можам сказаць, што наша супольнасьць захоўваецца, трансфармуецца, сутыкаецца з новымі праблемамі і неяк рэфлексуе на гэты конт. Наш шлях працягваецца, мы надалей камунікуем адно з адным. Мы ў культурным, інтэлектуальным сэнсе працягваем працаваць, ствараць новыя тэксты і сэнсы, удзельнічаць у камунікацыі з эўрапейцамі.

Важна, што застаецца гэтае пачуцьцё «мы»

І зноў-такі я маю на ўвазе ня толькі дыяспару. У самой Беларусі колькі людзей засталося, якія ў 2020 годзе былі выразна на баку прадэмакратычнай трансфармацыі, і іхныя погляды не зьмяніліся. Пра гэта немагчыма забываць. Вядома, пяць гадоў узурпатарскага жорсткага рэжыму маюць вельмі нэгатыўныя наступствы — колькі людзей пацярпела, прайшло праз рэпрэсіі. І гэта наш досьвед, гэта тое, што нам усім баліць.

Але я б вылучыла два словы — супольнасьць і шлях. Мы яго праходзім, мы рушым далей. І важна, што застаецца гэтае пачуцьцё «мы». Нават да крытыкі, самарэфлексіі трэба ставіцца таксама як да пэўнай каштоўнасьці. Іншая рэч, вядома, як мы будзем гэтаму даваць рады, якія рабіць высновы й як рушыць далей.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG