У адваротным выпадку прэзыдэнт ЗША абяцае ўвесьці стопрацэнтныя пошліны на імпарт у ЗША на тавары з Расеі і яе гандлёвых партнэраў. Расчараваўшыся адсутнасьцю прагрэсу ва ўрэгуляваньні вайны ва Ўкраіне, кіраўнік Белага дому спачатку даў Расеі на дасягненьне перамірʼя 50 дзён, якія неўзабаве скараціў да 10.
Напярэдадні Трамп размаўляў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Па выніках гутаркі Зяленскі паведаміў, што ён і прэзыдэнт ЗША «скаардынавалі» пазыцыі: «Абмяняліся ацэнкамі сытуацыі: расейцы павялічылі жорсткасьць удараў. Прэзыдэнт Трамп цалкам інфармаваны аб расейскіх ударах па Кіеве, па іншых нашых гарадах». Прэзыдэнт Украіны назваў размову прадуктыўнай і падзякаваў Трампу за «ўсе намаганьні дзеля сумленнага і працяглага міру».
Bloomberg сьцьвярджае, што Расея паспрабуе задаволіць Трампа, прапанаваўшы спыніць паветраныя ўдары без спыненьня вайны на зямлі. На агульнае спыненьне агню Пуцін, маўляў, не пагодзіцца, бо расейскія войскі працягваюць прасоўвацца на Данбасе. Зяленскі выступае супраць «цішыні ў небе» на карысьць поўнага спыненыя агню. Reuters піша, што ў Маскве ня вераць, што Трамп здольны ўвесьці санкцыі, якім улады Расеі не маглі б даць рады. Расейскі лідэр ня хоча злаваць Трампа і разумее, што, верагодна, прапускае магчымасьць палепшыць адносіны з Вашынгтонам і Захадам, але ягоныя ваенныя мэты важнейшыя, заявілі дзьве крыніцы агенцтва.
Сустрэча Пуціна з Уіткафам у Маскве стала пятай за паўгоду. Яна доўжылася амаль тры гадзіны і магла быць самай кароткай з усіх, падлічыла выданьне «Агенцтва».
Ніякіх падрабязнасьцяў аб сустрэчы адразу па яе завяршэньні бакі не паведамілі, прэс-канфэрэнцыі па выніках не было. Памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ушакоў заявіў, што на сустрэчы бакі абмяняліся «некаторымі сыгналамі». Ён назваў размову «карыснай і канструктыўнай» і адзначыў, што ад больш падрабязных камэнтароў Крэмль устрымаецца да таго, як Уіткаф дакладзе аб выніках перамоваў прэзыдэнту ЗША.
Форум