Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне лічаць нязначнай колькасьць расейскіх войскаў, якія прыбылі на вучэньні «Захад-2025»


Расейскія вайскоўцы з 200-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады на экскурсіі ў цэнтры Менску. 13 красавіка 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы з 200-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады на экскурсіі ў цэнтры Менску. 13 красавіка 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны адсочваюць інфармацыю аб перакіданьні расейскіх войскаў для ўдзелу ў супольных вучэньнях «Захад-2025», якія адбудуцца ў верасьні.

«Мы ўважліва сочым за сытуацыяй. Сапраўды, тэхніка зьяўляецца, вучэньні абвясьцілі. Тая колькасьць, якую мы цяпер адсочваем на тэрыторыі Беларусі менавіта расейскіх сіл, — дастаткова нязначная. На цяперашні момант гэта больш інфармацыйная кампанія з боку ворага, чым рэальная пагроза», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў камэнтары дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ».

6 жніўня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб прыбыцьці першага эшалёну з расейскімі вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай для ўдзелу ў супольных з Расеяй вучэньнях «Захад-2025».

«Сёньня ва ўрачыстай абстаноўцы мы сустрэлі першых прадстаўнікоў Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. У часе вучэньняў мы плянуем адпрацаваць новыя формы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў вайсковых частак на аснове аналізу апошніх сучасных ваенных канфліктаў», — сказаў намесьнік камандуючага Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Павел Шабека.

Улады Беларусі заяўлялі, што вучэньні адбудуцца ў сярэдзіне верасьня.

Летась у кастрычніку міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін вучэньні «Захад-2025» назваў «галоўнай падзеяй», у манэўры плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.

Сёлета ў чэрвені Віктар Хрэнін паведаміў аб рашэньні зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», а самыя вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі. Але пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што папярэдняе рашэньне перасунуць раёны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025» могуць перагледзець.

Праз гэтыя вучэньні памежныя зь Беларусьсю краіны ўзмацняюць ахову сваіх межаў і паветранай прасторы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG