Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Time распавёў, як афіцыйны Менск хацеў заплаціць за інтэрвію з Лукашэнкам

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію журналісту Сайману Шустэру, ліпень 2025 году
Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію журналісту Сайману Шустэру, ліпень 2025 году

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі цягам некалькіх месяцаў настойліва дамагаўся інтэрвію з журналістам выданьня Time Сайманам Шустэрам. Пра гэта сам аўтар распавёў у вялікім артыкуле, апублікаваным 7 жніўня, дзе апісаў сваю паездку ў Менск і гутарку з Лукашэнкам.

Журналіст выданьня The Time Сайман Шустэр паведаміў, што ініцыятыва запісаць інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам зыходзіла зь беларускага боку.

Пры гэтым, як адзначыў Сайман Шустэр у сваёй публікацыі па выніках сустрэчы з Лукашэнкам, прапановы былі вельмі настойлівымі.

«Не адразу было зразумела, чаго хочуць пасярэднікі. Я ніколі не быў у Беларусі і шмат пра яе не пісаў, хоць мае публікацыі аб жыцьці яе суседзяў, Расеі і Ўкраіны, далі мне ўяўленьне пра гісторыю Лукашэнкі. [...] Яго рэжым зьяўляецца адным з самых рэпрэсіўных і ізаляваных у сьвеце, з жахлівымі дачыненьнямі і амаль поўнай адсутнасьцю гандлю з чатырма зь пяці сваіх суседзяў і амаль поўнай залежнасьцю ад пятага: Расеі», — напісаў журналіст.

Сайман Шустэр таксама паведаміў, што «чыноўнік ураду Лукашэнкі», які тэлефанаваў яму наконт інтэрвію, спытаў пра кошт за арганізацыю такой публікацыі для Time.

«Ён выглядаў зьбянтэжаным, калі даведаўся, што працэс ня можа ўключаць ніякага хабару. „Проста правяраю, — сказаў ён, — каб пазьбегнуць любых непаразуменьняў пазьней“. Пасьля яшчэ некалькіх званкоў і паведамленьняў мы дамовіліся аб умовах інтэрвію; яно мусіла адбыцца ў Менску, сталіцы Беларусі, без абмеркаваньня ўсіх пытаньняў і тэм. Толькі пазьней, пасьля некалькіх размоў з амэрыканскімі і эўрапейскімі дыпляматамі, матывы Лукашэнкі сталі зразумелымі», — патлумачыў журналіст.

Сайман Шустэр мяркуе, што галоўнай матывацыяй для такога інтэрвію было жаданьне Лукашэнкі стаць пасярэднікам паміж Уладзімірам Пуціным і Дональдам Трампам у арганізацыі саміту.

«Амэрыканцы падыгралі. На працягу месяца пасьля інаўгурацыі Трампа ў студзені амэрыканскія чыноўнікі зьдзейсьнілі першы з, прынамсі, пяці візытаў у Менск, каб высьветліць, чаго можа дасягнуць Лукашэнка. У гэтым працэсе яны паслабілі імідж Беларусі як дзяржавы-ізгоя, дамагліся вызваленьня некалькіх вядомых палітычных зьняволеных і адкрылі ціхі канал сувязі з Крамлём праз Менск. У гэтым кантэксьце жаданьне Лукашэнкі даць інтэрвію Time мела сэнс. Менш зразумела мне, ці зьяўляецца ён міратворцам, які дзейнічае па ўласнай ініцыятыве, ці марыянэткай у руках Крамля», — адзначаецца ў публікацыі.

Паводле журналіста, з Лукашэнкам некалькі разоў сустракаўся Джон Коўл, былы адвакат Трампа.

«Выканаўшы сваю функцыю пасярэдніка, Лукашэнка, здаецца, гатовы сысьці ў бок. Але яго роля ў падрыхтоўцы да саміту шмат што раскрывае пра небясьпекі апошняга дыпляматычнага гамбіту Трампа. Як растлумачыў Лукашэнка, калі мы нарэшце сустрэліся ў Менску, усё можа разваліцца, калі Трамп ня будзе паводзіць сябе з Пуціным з дастатковай павагай», — мяркуе Сайман Шустэр.

У сваім артыкуле амэрыканскі журналіст расказаў, што запіс яго размовы з Лукашэнкам рабіла прэсавая служба Лукашэнкі.

Інтэрвію праходзіла на другім паверсе палацу ў невялікай бібліятэцы. Там на кніжнай паліцы стаяў збор твораў Аляксандра Дугіна, расейскага імпэрыялістычнага мысьляра, якому прыпісваюць стварэньне ідэалягічнай асновы для ўварваньня ва Ўкраіну.

«У іншым куце пакоя, за шэрагам камэр, на мальбэрце стаяў вялікі партрэт Уладзіміра Леніна, і калі мы селі, да яго павярнуўся Лукашэнка», — напісаў журналіст.

Пра што сказаў Лукашэнка ў інтэрвію

У пачатку размовы, якую паказалі па Беларускім тэлебачаньні, Сайман Шустэр паведаміў Лукашэнку, што ехаў празь Літву і пабачыў там дарожны знак, які вызначаў кірунак на Менск — на ім было напісана «акупаваны Крамлём». Рэагуючы на гэтае паведамленьне, Лукашэнка сказаў, што яму пра гэта ягоныя спэцслужбы нічога не казалі.

У інтэрвію Лукашэнка, па сутнасьці, паўтарыў ранейшыя заявы аб тым, што ён ня ведаў аб плянах Расеі напасьці на Ўкраіну. Паводле яго, Пуціна справакаваў менавіта ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што ЗША павінны з павагай ставіцца да Ўладзіміра Пуціна і расказаў аб магчымай карысьці ягонай сустрэчы з Дональдам Трампам.

Сярод іншых тэм — перанос вучэньняў «Захад-2025» (каб не абвінавачвалі аб намеры напасьці на Польшчу і Літву), абяцаньне больш не балятавацца ў прэзыдэнты. Апроч таго, Лукашэнка падкрэсьліў, што ягоны сын Мікалай таксама ня будзе ягоным пераемнікам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG