Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Перад паседжаньнем Рады міністраў Польшчы, якое адбылося яшчэ 29 ліпеня прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск расказаў, што агулам 32 чалавекі былі затрыманыя праз «падмацаваныя канкрэтнымі доказамі» падазрэньні ў працы на расейскія спэцслужбы. Адзін з затрыманых ужо асуджаны і знаходзіцца ў турме, а яшчэ 31 чалавек, сярод якіх беларусы, расейцы, украінцы — чакалі суду праз падазрэньні ў супрацы з расейскімі спэцслужбамі, якія рыхтавалі дывэрсіі і напады.
«Белсат» запытаўся ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, што вядома пра беларусаў у гэтай справе.
«У час трох працэсаў, якія праводзіліся ў Мазавецкім і Ніжнесілескім філіялах Дэпартамэнту ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, было прынята рашэньне прад’явіць абвінавачваньні пяці грамадзянам Беларусі ў сувязі з актамі сабатажу, дывэрсіяў і падрыўной дзейнасьці ў інтарэсах замежнай выведкі. Я ня маю згоды на прадстаўленьне больш падрабязнай інфармацыі», — сказаў «Белсату» прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы пракурор Пшэмыслаў Новак.
8 жніўня Нацыянальная пракуратура Польшчы таксама апублікавала «Абвінавачваньне ў дэклярацыі гатовасьці дзейнічаць на карысьць беларускай выведкі супраць Рэспублікі Польшча». У дакумэнце гаворыцца, што 2 чэрвеня 2025 году пракурор Падляскага аддзелу Нацыянальнай пракуратуры накіраваў у акруговы суд у Беластоку абвінавачваньне супраць Арцёма К., закідаючы яму няўдалую спробу зьдзейсьніць злачынства, якое заключаецца ў дэкляраваньні гатовасьці дзейнічаць на карысьць замежнай выведкі супраць Польшчы.
Падставай для пачатку расьсьледаваньня сталі доказы, атрыманыя ў сьнежні 2024 году супрацоўнікамі Агенцыі ўнутранай бясьпекі (ABW) Польшчы. Гэтыя доказы сьведчылі, што грамадзянін Беларусі Арцём К. у пэрыяд з 8 па 12 сьнежня 2024 году ў Варшаве заявіў пра гатовасьць дзейнічаць ад імя беларускай выведкі ці КДБ Беларусі супраць Рэспублікі Польшча і ажыцьцяўляць выведвальную і дывэрсійную дзейнасьць як у Польшчы, так і ў іншых краінах Эўразвязу. Мужчына заявіў пра гатовасьць прадставіць інфармацыю аб разьмяшчэньні крытычна важнай інфраструктуры на тэрыторыі Польшчы, а таксама інфармацыю аб грамадзянах Беларусі, якія ў Польшчы жывуць.
19 сьнежня 2024 году Арцёма К. затрымалі супрацоўнікі Агенцыі ўнутранай бясьпекі. У той жа дзень пракурор выставіў яму абвінавачаньні, а затым дапытаў у якасьці падазраванага. Арцём К. не прызнаў сябе вінаватым.
Паводле хадайніцтва пракурора, суд загадаў утрымліваць падазраванага пад вартай. Яму пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад шасьці месяцаў да васьмі гадоў.
Гісторыі іншых фігурантаў-беларусаў, а таксама дэталі плянаваных імі дывэрсій пакуль не раскрываюцца польскімі спэцслужбамі.
Форум