Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка за тры дні да замежных акцый беларусаў сабраў нараду па бясьпецы і сказаў не шкадаваць грошай на КДБ


На нарадзе ў пытаньнях бясьпекі ў Аляксандра Лукашэнкі, 7 жніўня 2025
На нарадзе ў пытаньнях бясьпекі ў Аляксандра Лукашэнкі, 7 жніўня 2025

У нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам узялі ўдзел сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэртэль, генэральны пракурор Андрэй Швед, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка і кіраўнік апарату Савета міністраў Валер Вакульчык.

Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, на нарадзе абмяркоўваліся пытаньні ўдасканаленьня дзейнасьці Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

У той жа час у афіцыйных матэрыялах не ўдакладняецца, якім чынам зьбіраюцца рэфармаваць КДБ, а сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч увогуле завіў, што КДБ «эфэктыўна спраўляецца з нэўтралізацыяй выклікаў і пагроз нацыянальнай бясьпецы».

Адкрываючы нараду, Аляксандар Лукашэнка традыцыйна згадаў пра 2020 год, на падставе падзей якога Іван Тэртэль прапанаваў удасканаліць дзейнасьць свайго ведамства.

«2020 год — гэта ўрокі, урокі і яшчэ раз урокі. Гэта закранула ўсе напрамкі дзейнасьці нашай дзяржавы, у тым ліку і Камітэта дзяржбясьпекі. Недахопы свае мы ўбачылі ў 2020 годзе і пасьля, вузкія месцы таксама мы выявілі. Трэба іх зьліквідаваць. Гэта перш за ўсё трэба зрабіць», — заявіў Лукашэнка.

У той жа час ён заявіў, што пры «ўдасканаленьні» дзейнасьці КДБ не плянуецца скарачаць расходы на гэтую структуру ці павялічваць лік штату.

«Тут якраз грошай шкадаваць ня трэба для тых, хто працуе ў КДБ. Грошай чэкістам шкадаваць ня трэба за канкрэтныя вынікі. Мы са старшынём тут наладзілі гэтую сыстэму. Я заўсёды пасьля пэўных апэрацый яго папярэджваю, што хлопцы, якія зарабілі гэтыя грошы, павінны іх атрымаць, нават звыш таго», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, будуць павялічвацца расходы на сацыяльнае забесьпячэньне ня толькі супрацоўнікаў КДБ, а і ўсіх вайскоўцаў, у тым ліку на будаўніцтва для іх жытла.

9 жніўня 2025 год спаўняецца пяць гадоў зь жорсткага разгону масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў прэзыдэнта. Увесь гэты час улады ажыцьцяўляюць жорсткія рэпрэсіі супраць іх удзельнікаў і пагражае адказнасьцю за ўдзел у акцыях салідарнасьці, якія праводзяцца за межамі краіны.

Па стане на 7 жніўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1191 чалавек. Такія лічбы падае праваабарончы цэнтар «Вясна». Іншыя ініцыятывы часам даюць нават большыя лічбы. Перасьлед людзей за пратэсты 2020 году, допісы ў сеціве і нават пастаўленыя падабайкі пад старонкамі, унесенымі ў «экстрэмісцкі сьпіс», працягваецца штодня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG