Выстава «Застацца» — гэта дасьледаваньне ідэнтычнасьці, памяці, міграцыі і штодзённасьці, якое аб’ядноўвае асабістае і супольнае, трагічнае і жыцьцёвае, боль і надзею, кажуць арганізатары. Гэта праект ня гэтулькі пра самога Алеся Пушкіна, колькі пра тэмы і вобразы, якія былі цэнтральнымі ў яго творчасьці і жыцьці і якія надалей жывуць у творчасьці і ўспамінах іншых мастакоў, якія асэнсоўваюць досьвед выгнаньня, жыцьця ў чужой краіне, а таксама спрабуюць знайсьці апору ў складаныя часы.
«Для мяне ўсе творы вельмі кранальныя і важныя»
Арт-мэнэджарка выставы Лізавета Каліверда тлумачыць, што
пры стварэньні канцэпцыі арганізатары найперш падумалі, што вельмі важна падтрымаць мастакоў і паглядзець, што засталося пасьля Пушкіна, як яны працуюць над тэмамі, якія закранаў Алесь.
«Мы атрымалі за месяц больш за 30 заявак, а калі ўлічыць, што мастакі прапаноўвалі не па адной, а па некалькі сваіх працаў, было вельмі цяжка выбраць. Пагатоў у нас вельмі малая каманда і гэта наша першая выстава.
Я не магу сказаць, што тут самае выбітнае, бо для мяне ўсе творы вельмі дарагія, кранальныя і важныя. На выставе можна ўбачыць інсталяцыю Юлі Мекеш, якая да нас прыехала зь Нідэрляндаў, працу Міхаіла Гуліна, якую мы прывезьлі зь нямецкага Дрэздэну, творы Ксішы Ангелавай, Ніны Маргаевай, Леры Лазук, Сьвятланы Баевай, Аляксея Ўрублеўскага, Яраслава Гамолкі, Андрэя Духоўнікава, Ксеніі Лагавой, Сьвятаслава Камарова, Ільлі Дударава, „Dead Boy“. Ёсьць і ананімныя аўтары», — кажа Лізавета Каліверда.
«Пушкін — гэта нацыянальны скарб Беларусі»
На выставе дэманструюцца дзьве графічныя працы Андрэя Духоўнікава з дарагім Пушкіну Віцебскам — ня толькі ў Шагала быў знакаміты «віцебскі пэрыяд». Андрэй расказаў, што ведаў Алеся Пушкіна з 1990 году, калі той пасьля тэатральна-мастацкага інстытуту па разьмеркаваньні прыехаў працаваць у Віцебск.
«Мы зь ім сябравалі, хоць у нас было шмат палітычных разыходжаньняў. Мы зь ім і сварыліся, і падоўгу не размаўлялі… Але ён быў сапраўдым надзейным сябрам. Калі ён адышоў, і я зразумеў, што Алесь Пушкін — гэта нацыянальны скарб Беларусі, незалежна ад палітычнай каньюнктуры.
Мяне крыху бянтэжыць, што цяпер зь яго робяць „ікону“ і ўзгадваюць толькі пэрформансы і акцыі. Алесь Пушкін найперш — вельмі клясны, таленавіты мастак. І так хочацца, каб менавіта ягоныя карціны былі па-сапраўднаму ацэненыя», — марыць Андрэй Духоўнікаў.
«Ён для мяне — Хрыстос»
Партрэт Алеся Пушкіна ў выкананьні Ксішы Ангелавай разьмешчаны на выставе поруч з творам Ніны Маргаевай, якая нядаўна адышла ў лепшы сьвет, і Леры Лазук. Ксіша лічыць Пушкіна сваім настаўнікам.
«Калі я скончыла Акадэмію мастацтваў, часта сустракалася з Алесем у Віцебску, дзе ён займаўся рэстаўрацыйнымі працамі. Гэта заўсёды былі вельмі адметныя для мяне сустрэчы: калі ты малодшы, ты заўсёды цягнесься да больш дасьведчанага і мудрага старэйшага.
Ён для мяне — Хрыстос, ён быў шчырым вернікам, які заўсёды за праўду. У яго была такая неймаверная сьмеласьць — нават у сьвятара ён мог запытацца: „А дзе ваша вера, калі вы потым у КДБ дакладаеце?“
Пушкін быў для мяне чалавекам, да якога хацелася быць падобным. Я яго ўспрымала як місіянэра і старэйшага сябра», — прызнаецца Ксіша Ангелава.
«Мастак заўсёды „падвешаны“ паміж небам і зямлёй»
Пасярэдзіне экспазыцыі — інсталяцыя «У скуры мастака»: падвешаная да столі на чырвоных нітках белая льняная кашуля, а ўнізе скамечанае белае палатно і яблыкі. Аўтарка інсталяцыі Юлія Мекес тлумачыць, што мастак заўсёды «падвешаны» паміж небам і зямлёй.
«Ён падсілкоўвацца ад сваіх каранёў, але ж мастак павінен сваім караням і аддавацца. Мастакі мусяць дбаць пра Беларусь, змагацца за яе.
Яблыкі, што ўнізе на белым палатне, для мяне таксама карані. Бо калі вы ўзгадаеце бабуліну хату, што вы бачыце ў жніўні? Яблыкі, якія падаюць пад дрэвы. Яны таксама сымбаль каранёў, забытага. Бо ніхто ўжо гэтых яблыкаў не зьбярэ, яны там так і застануцца і згніюць. І бабулі ўжо няма. І той хаты, куды можна вярнуцца, няма. І вярнуцца немагчыма», — разважае Юлія.
Мастачка Сьвятлана Баева ўзгадвае, як некалі Алесь Пушкін запрасіў яе, зусім юную дзяўчыну, на два пленэры. Уражаньні ад атмасфэры, і ад самога Алеся былі незабыўныя.
«Алесь браў мяне на два пленэры. Гэта было неймаверна цікава! А ў дзень, калі ён памёр, на мяне раптоўна ўпала шафа. Я вельмі спалохалася… Гэта быў знак. Калі я ачуняла, зразумела, што не магу заставацца ў Беларусі, давядзецца зьяжджаць.
Спачатку я хадзіла па музэях, рабіла нейкія нататкі, замалёўкі. А потым пачала пісаць… Для гэтай выставы я выбрала дзьве свае працы: „Ахвяра“ і „Пяшчота“», - кажа Баева.
З 10 па 20 жніўня пройдзе аўкцыён, усе творы можна набыць, каб падтрымаць мастакоў і мастачак. Лоты аўкцыёну будуць паказаныя на старонцы праекту alespushkin.com, дзе кожны можа пазнаёміцца з працамі і зрабіць свой унёсак у падтрымку сучаснага беларускага мастацтва.
Форум