У гэты дзень
1819 — войска Сымона Балівара перамагло гішпанцаў у бітве на рацэ Баяка.
1915 — выйшаў апошні нумар газэты «Наша Ніва». Рэдактарам быў Янка Купала. Галоўным чыньнікам закрыцьця стала Першая сусьветная вайна.
1930 — апошні суд Лінча ў ЗША.
1999 — уварваньне злучэньняў ісламістаў у Дагестан, пачатак Другой чачэнскай вайны.
2008 — пачалася вайна ў Паўднёвай Асэтыі.
У гэты дзень нарадзіліся
1837 — Баляслаў Калышка, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў.
«Паміж баямі і сутычкамі з карнікамі інсургенты Калышкі разганялі ў жамойцкіх мястэчках царскую варту, палілі паперы станавых прыставаў і валасных праўленьняў. Калі ён прывёў свой аддзел да Зыгмунта Серакоўскага, што меў званьне “літоўскага ваяводы”, той уражана ўсклікнуў: “Каб ня бачыў вас перад сабою, ня даў бы веры, што вы жывыя, бо з столькіх небясьпекаў хіба па небе можна было вырвацца”» // «Імёны Свабоды» (PDF).
1879 — Пётра Крачэўскі (Крэчэўскі), палітык, пісьменьнік, гісторык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, дзеяч даваеннай эміграцыі ў Літве і Чэхаславаччыне, у 1919–1928 гадах старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На гэтай пасадзе Крэчэўскі заставаўся і ў эміграцыі, спачатку ў Літве, пасьля ў Празе
1910 — Генадзь Цітовіч, музыказнаўца, этнограф, заснавальнік Дзяржаўнага народнага хору Беларусі, народны артыст Беларусі.
1910 — Якуб Ермаловіч, беларускі пісьменьнік, вязень ГУЛАГу.
«Акрамя рэк, падумаў я, якія ўпадаюць у мора, ёсьць яшчэ, мусіць, рака жыцьця. Мы яе ня бачым, не любуемся ёй, не пераяжджаем на лодцы. Мы яе адчуваем і баімся, хаця б яна не перасохла, не зьніцілася, не зьмізарнела, не забрудзілася, хаця б ня капнуў хто-небудзь у яе атруты».
«Усё жывое зямное і нават нежывое аддае ў раку жыцьця па нейкай нябачнай макавінцы (скажам, малекуле), і яна трымаецца за гэты кошт, несучы ў сабе яго здабыткі ў мора адвечнасьці». (З аповесьці «Рэкі ўпадаюць у мора»)
1932 — Адам Мальдзіс, беларускі літаратуразнавец і гісторык літаратуры, пісьменьнік.
1954 — Алег Трусаў, беларускі археоляг, гісторык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, былы старшыня Таварыства беларускай мовы.
1955 — Алесь Жамойцін, беларускі паэт, загадчык музэя Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.
1958 — Віктар Манаеў, беларускі актор, народны артыст Беларусі.
У памяці
1903 — памёр Юльян Крачкоўскi, этнограф, фальклярыст і краязнаўца. Старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі і музэя. У сеціве можна прачытаць ягоныя кнігі «Быт заходня-рускага селяніна» і «Старая Вільня да канца ХVІІ ст.».
1921 — Аляксандар Блок, расейскі паэт-сымбаліст.
1941 — Рабіндранат Тагор, індыйскі пісьменьнік, філёзаф, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1913 год.
1995 — Максім Танк, народны паэт Беларусі, грамадзкі дзяяч.
2007 — Уладзімер Буднік, беларускі кампазытар.
2014 — Юрка Станкевіч, вядомы беларускі грамадзкі дзяяч, сын выбітных дзеячоў беларускай эміграцыі Янкі й Марыі Станкевічаў. Пахаваны ў чэскім Кладне.