Як паведаміла Балканская служба Радыё Свабода, рашэньне ўхвалілі аднагалосна. Цяпер цягам 90 дзён прызначаць датэрміновыя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай.
Чарговыя выбары мелі прайсьці ў кастрычніку 2026 году.
Суд Босьніі і Герцагавіны асудзіў Міларада Додзіка на адзін год пазбаўленьня волі з забаронай займаць прэзыдэнцкую і іншыя палітычныя пасады ў краіне цягам наступных шасьці гадоў за непавагу да рашэньняў Высокага прадстаўніка ў Босьніі і Герцагавіне.
Мандат будзе адкліканы пасьля заканчэньня тэрміну абскарджаньня. Міларад Додзік раней заяўляў, што ня сыдзе з пасады прэзыдэнта, нягледзячы на канчатковы прысуд.
Додзіка абвінавацілі ў падпісаньні прэзыдэнцкіх указаў, якія прызналі правамоцнымі два неканстытуцыйныя законы Рэспублікі Сэрбскай, якія раней ануляваў Высокі прадстаўнік. Гэта законы аб непрымяненьні рашэньняў Канстытуцыйнага суду БіГ і аб непрымяненьні рашэньняў Высокага прадстаўніка (OHR) на тэрыторыі рэгіёну.
У сакавіку 2025 году паведамлялі, што лідэр басьнійскіх сэрбаў Міларад Додзік выехаў з Босьніі, дзе выдалі міжнародны ордэр на яго арышт, і накіраваўся ў Бялград (Сэрбія), а ўжо адтуль вылецеў у Ерусалім для ўдзелу ў канфэрэнцыі аб антысэмітызьме. Пасьля гэтай паездкі ён 1 красавіка наведаў Маскву і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным.
Расейскае выданьне «Коммерсант» паведамляла, што Міларад Додзік вырашыў «перасядзець міжнародны ордэр на свой арышт». Выданьне таксама ня выключыла, што ён можа спрабаваць атрымаць у Расеі прытулак.
У той жа час Інтэрпол адхіліў запыт басьнійскага суду аб вышуку кіраўніка басьнійскіх сэрбаў Додзіка.
Форум