Трамп і Зяленскі пракамэнтавалі сёньняшнія перамовы ў Маскве

Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, каляж

Адмысловы пасланец прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф правёў «вельмі прадуктыўную сустрэчу» з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пра гэта ў Truth Social напісаў амэрыканскі лідэр Дональд Трамп.

«Быў дасягнуты значны прагрэс! Пасьля гэтага я паінфармаваў некаторых нашых эўрапейскіх саюзьнікаў. Усе згодныя з тым, што гэтай вайне павінен быць пакладзены канец, і мы будзем імкнуцца да гэтага ў бліжэйшыя дні і тыдні», — напісаў Трамп.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля перамоваў Уіткафа ў Маскве пагаварыў па тэлефоне з Дональдам Трампам.

«Наша агульная пазыцыя з партнэрамі абсалютна зразумелая: вайна павінна скончыцца. І гэта павінна быць сумленнае завяршэньне. Эўрапейскія лідэры таксама прынялі ўдзел у размове, і я ўдзячны кожнаму зь іх за іх падтрымку. Мы абмеркавалі тое, аб чым было абвешчана ў Маскве.

Украіна абавязкова будзе бараніць сваю незалежнасьць. Нам усім патрэбен працяглы і надзейны мір. Расея павінна спыніць вайну, якую сама ж і пачала. Дзякуй усім, хто падтрымлівае Украіну», — напісаў Зяленскі ў тэлеграм-канале.

Ключавымі элемэнтамі завяршэньня вайны паміж Расеяй і Украінай стануць тэрытарыяльныя пытаньні. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, якога цытуе Reuters.

Рубіё адзначыў, што ўпершыню з 20 студзеня (дзень інаўгурацыі прэзыдэнта Трампа) зьявілася канкрэтыка ў тым, чаго Расея можа запатрабаваць для завяршэньня вайны. Паводле яго, момант, калі Трамп павінен прымаць канчатковае рашэньне па новых санкцыях супраць Расеі, яшчэ не надышоў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае намер асабіста сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, а пасьля плянуе трохбаковую сустрэчу з Пуціным і Зяленскім. У ёй ня будзе ўдзельнічаць ніводны эўрапейскі лідэр, піша New York Times са спасылкай на дзьве крыніцы. «Падобна, што асабістая сустрэча Трампа і Пуціна рыхтуецца», – адрэагавала на пытаньне RFERL дыпляматычная крыніца ў эўрапейскіх структурах.

«Расіяне выказалі жаданьне сустрэцца з прэзыдэнтам Трампам, і прэзыдэнт адкрыты да сустрэчы як з прэзыдэнтам Пуціным, так і з прэзыдэнтам Зяленскім», – цытуе AFP прэс-сакратара Белага дома Кэралайн Лівіт.

  • Адмысловы пасланец прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф прыляцеў у Маскву раніцай 6 жніўня, дзе сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Ніякіх заяваў пасьля заканчэньня амаль трохгадзіннай сустрэчы не прагучала.
  • Памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ушакоў заявіў, што ўдзельнікі сустрэчы абмяняліся «некаторымі сыгналамі».
  • Візыт Уіткафа прайшоў напярэдадні заканчэньня тэрміну ўльтыматуму прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Трамп патрабуе ад Пуціна да 8 жніўня цалкам спыніць баявыя дзеяньні. У адваротным выпадку прэзыдэнт ЗША пагражае ўвесьці другасныя санкцыі: гандлёвыя партнэры Расеі, якія закупляюць у яе энэрганосьбіты, могуць сутыкнуцца з велізарным мытам на ўвоз сваіх тавараў у ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі завяршылася сустрэча Ўіткафа і Пуціна. Камэнтары чакаюцца пасьля дакладу Трампу