Лукашэнка прыдумаў, як можна абысьці замежныя санкцыі на продаж беларускіх угнаеньняў

Аляксандар Лукашэнка ў часе інспэкцыі сельскай гаспадаркі ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці 8 жніўня 2025 году

Аляксандар Лукашэнка параіў аграрыям спосаб абысьці санкцыі, якія ўвялі супраць Беларусі за фальсыфікацыю вынікаў выбараў 2020 году і за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Угнаеньні няма куды прадаць? Угнаеньні можна прадаць праз прадукты харчаваньня. Мяса, малако заўсёды маюць попыт», — працытаваў Аляксандра Лукашэнку дзяржаўны тэлеканал АНТ.

8 жніўня Аляксандар Лукашэнка інспэктуе, як аграрыі Менскай вобласьці працуюць на ўборцы ўраджаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат паведаміў пра мінімальны эканамічны рост у першым паўгодзьдзі. Найгорш у аграрным сэктары

5 жніўня ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі, што ў студзені–чэрвені 2025 году экспарт тавараў каштаваў 19,007 мільярда даляраў, што на 3,7% менш за леташні паказьнік такога ж пэрыяду, а імпарт — 22,191 мільярда даляраў (на 3,3% больш, чым летась).

Такім чынам сфармавалася адмоўнае гандлёвае сальда — мінус 3,184 мільярда даляраў. Гэтая лічба за пяць месяцаў таксама была адмоўнай і складала мінус 2,605 мільярда даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: экспарт яшчэ больш скараціўся, а дэфіцыт у гандлі таварамі нарастае

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені–чэрвені 2025 году вытворчасьць у сельскай гаспадарцы ўпала на 2,6% у параўнаньні зь мінулым паўгодзьдзем. Эканамісты тлумачаць гэта зрухам тэрмінаў жніва: сельская гаспадарка павінна даць лепшы вынік у ліпені, калі жніво ўжо пачалося.

Але апрацоўчая прамысловасьць, якая дае агулам 21% усяго ВУП Беларусі, вырасла толькі на 0,1%. Гуртовы і раздробны гандаль вырас на 0,6%, што сьведчыць аб запаволеньні попыту і страце тэмпаў эканамічнага росту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь стала найбуйнейшым пакупніком расейскай сьвініны. Чаму і ці будзе яе дэфіцыт

Пры гэтым Беларусь стала найбуйнейшым пакупніком расейскай сьвініны, хоць раней сама пастаўляла гэты прадукт у Расею.