Павал хвалюецца, што ў старасьці ня будзе каму яго даглядаць, а ў гасьцях у дачкі за мяжой у яго ўпершыню зьявілася пачуцьцё, што ён іх аб’ядае. Ірына чакае раніцы, каб паглядзець, ці даслала дачка сьвежыя фота і відэа з унукамі. Пра іхны ад’езд яна ня можа гаварыць бязь сьлёз. Вольга ў пажылым узросьце засталася адна даглядаць вялікі дом і шкадуе, што ейнае пакаленьне так доўга не цікавілася палітыкай.
«Я ні разу не даваў ацэнку іхнаму ўчынку»
Дачка Паўла* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнае бясьпекі. — РС) зьехала зь Беларусі ў Польшчу праз палітычны перасьлед два гады таму разам з сваёй сям’ёй. Павал даведаўся пра пераезд, толькі калі яны перасеклі мяжу.
«Для мяне гэта было вельмі нечакана. Гэта было вельмі-вельмі-вельмі сумна. І сумна было доўгі-доўгі час. А потым я зразумеў, што шкадую сябе, а ня іх… Мы ўсе падсьвядома лічым, што нашыя дзеці, калі мы будзем нямоглымі, будуць нас даглядаць», — кажа суразмоўца.
Пры гэтым ён нічога не казаў дачцэ пра сваё шкадаваньне.
«Я ні разу не даваў ацэнку іхнаму ўчынку», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Потым, кажа Павал, ён зразумеў, што ня мае права стрымліваць дзяцей. Каб прыняць сытуацыю, пайшло каля году.
«Я, на шчасьце маё, не нямоглы. І гэта мяне супакоіла. У мяне зараз няма пакутаў. Раней я ўспрымаў, што яны кінулі не радзіму, а кінулі мяне», — прызнаецца ён.
Горшая сытуацыя, на ягоную думку, зь дзедам дачкі, які ўжо ў вельмі пажылым узросьце, да таго ж хварэе.
«Кажуць, што зьехалі недзе паўмільёна моладзі. То бок тут засталіся прыблізна мільён бацькоў. Праз гадоў дваццаць бацькі пастарэюць. І будзе тут мільён чалавек з дэмэнцыяй, якім ніхто ня можа дапамагчы. Беларусь ператворыцца ў краіну нямоглых з дэмэнцыяй. Мы ня першая краіна, адкуль зьяжджаюць маладыя, але першая, куды яны ня могуць вярнуцца, каб пахаваць родных, на могілкі схадзіць», — разважае суразмоўца.
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Дзед, кажа Павал, спачатку клікаў унучку вярнуцца дадому. Мяркуе, што дачка з мужам маглі б клапаціцца пра яго, калі былі б на месцы: завезьці, прывезьці ў шпіталь, завезьці бульбу на зіму. Бацька не выключае такой будучыні і для сябе: калі пастарэе і стане нямоглым, ня будзе дзяцей побач, каб яго даглядзець.
Ён зычыць маладым, якія зьяжджаюць, каб у іх было менш згрызотаў сумленьня праз тое, што яны ня могуць прыехаць наведаць сваіх жывых або памерлых бацькоў.
«Каб ім было лягчэй перажыць, што ўсё астатняе тут ужо будзе бязь іх. І апошні шлях, і Радуніцы. Гэта сумная частка», — кажа ён.
Павал рэгулярна зьвязваецца з дачкой праз тэлефон. Ведае, як жыве яе сям’я. На ягоную думку, на новым месцы ў іх «усё атрымалася». Яны сталі расьці ў прафэсійным пляне, шмат вучацца за мяжой. Знайшлі добрую працу. Хоць, прызнаецца Павал, узровень жыцьця дачкі крыху панізіўся. Яна зь сям’ёй здымае кватэру, а не жыве ў сваім жытле, як у Беларусі. Унук пачаў гаварыць на некалькіх мовах, у тым ліку па-беларуску, чаго не было на радзіме.
«Размаўляе настолькі прыгожа. Польская мова дала мілагучнасьць ягонай беларускай. Нараджаецца новая пявучасьць мовы ў гэтым спалучэньні. І ў яго зусім няма трасянкі», — захапляецца дзед.
Павал езьдзіць да дачкі некалькі разоў на год. Рабіць гэта часьцей яму цяжка праз складанасьці на мяжы. У Беларусі бацька і дачка асабліва не хадзілі адно да аднаго ў госьці, кантактавалі хутчэй у справах. У гасьцях за мяжой іншая атмасфэра.
«Не было трапятаньня. Была цікавасьць — што за кватэра, што за раён. Што менавіта мяне турбавала: мы селі за стол есьці, і я ў думках разумею, што ёй гэта ўсё каштавала шмат грошай. І тады я прымаю рашэньне: хадзем у вашую кавярню, я вас там пачастую. Я, праўда, ня ведаў, што там зрабілася так дорага, што і мне дорага было. У мяне зьявілася пачуцьцё, што я іх аб’ядаю. Прычым мне ніхто нічога не казаў», — прызнаецца Павал.
Зь ягоных словаў, у Беларусі яму не прыходзіла ў галаву лічыць, колькі дачка грошай патраціла на ежу.
Сямейнікі сазвоньваюцца амаль штодня. Бацька ня чысьціць перапіску з дачкой. Яна стварыла канал для сваякоў, дзе публікуе фота і відэа з сынам.
«Каб мы бачылі, што ён займаецца ў гуртках, ходзіць у школу, яны водзяць яго на выставы, у музэі. Мы бачым, што яны як бацькі выконваюць свае абавязкі. Гэта супакойвае мяне, што ён ходзіць апрануты, у яго новыя джынсы, новая майка, новыя красоўкі. Усё нармальна», — іранізуе суразмоўца.
Чарга на беларуска-польскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Ён выключае магчымасьць для сябе пераехаць зь Беларусі за мяжу.
«Гэта выключана. У мяне тут бацька пахаваны, маці пахавана, дзед, бабуля. Не! І што я там буду рабіць: у „Жабцы“ (сетка крамаў у Польшчы. — РС) працаваць? Нават і прыблізна не! Не такі вялікі сум, каб я ўсё кінуў і паехаў! У мяне тут пэнсія. Хто мне там пэнсію будзе плаціць?», — пераконвае Павал.
На дні нараджэньня родныя пішуць адно аднаму віншаваньні або запісваюць відэа. Часам перадаюць падарункі. Павал дасылае ўнуку беларускамоўныя кнігі, якія выдаюць у Беларусі. Суразмоўца кажа, што перастаў думаць, а што было б, калі б дзеці не зьяжджалі.
«Зьніклі гэтыя думкі, пэўна, пасьля таго, як я зьмірыўся з тым, што яны зьехалі. Гэта зараз успрымаецца як рэчаіснасьць, якая ня можа зьмяніцца. Яны ніколі ня будуць тут, я, можа, часам буду там, і з гэтым трэба жыць… Я недзе прачытаў, што калі вы нешта робіце для дзіцяці, то не для таго, каб вам гэта вярнулася, а таму, што так трэба рабіць. Гэтае дзіця ніколі ня будзе вашым, калі вырасьце. У яго будзе сваё жыцьцё», — дзеліцца ён.
Гэтая думка дапамагла Паўлу зьмірыцца з сытуацыяй. Дапамагаюць далей спраўляцца з сытуацыяй іншыя дзеці, якія засталіся ў Беларусі і пра якіх бацька клапоціцца. Таксама падтрымліваюць заняткі спортам.
«Мы кожны год чакаем, што яны вернуцца»
Дачка Ірыны* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) зьехала зь Беларусі тры гады таму. Яна зь сям’ёй цяпер жыве ў Польшчы. Маці плача ледзь ня ўвесь час, як пра гэта расказвае.
«Да апошняга спадзяваліся, што гэтага ня будзе, што гэта на месяц ці на два. Чакалі, што гэта неяк адменіцца. А потым — што зробіш? Будзеш прымаць так, як ёсьць», — кажа празь сьлёзы Ірына.
У штодзённым жыцьці, паводле яе, пасьля ад’езду дзяцей асабліва нічога не памянялася, а ў душы — страціўся сэнс.
«Дзеці былі галоўным і ёсьць галоўным заўсёды. Атрымліваецца, што так далёка, што гэта ня будзе так блізка. Ты іх ня здолееш ні абняць, ні пабачыць. Гэта трэба адкласьці. Мы ўсё роўна чакаем. Мы кожны год чакаем, што яны вернуцца. Гэта такі стан нібы адкладзенага шчасьця. Усё на потым… Мы ўсё роўна чакаем і дачакаемся», — дзеліцца маці.
Яна бачыцца зь дзецьмі некалькі разоў на год. Але, прызнаецца Ірына, у момант сустрэчы яна хоць і радуецца, але разумее, што неўзабаве давядзецца разьвітвацца. У астатні час кантактуюць праз тэлефон зь відэа. Дачка прысылае здымкі з унукамі.
«Мы гаворым часта. Яна прысылае розныя фота і відэа. Гэта моманты шчасьця. Раніцай заўсёды ўстаеш і глядзіш, ці ёсьць што. Зь дзецьмі гаворым. Усё, здаецца, як заўсёды. Нібыта яны тут, побач. Але ж не паедзеш (да іх)», — дзеліцца Ірына.
Чарга на беларуска-літоўскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Не хапае даччынай сям’і за супольным сталом на сямейныя сьвяты.
«Зьбіраемся, але бязь іх. Зусім іншы фармат», — заўважае суразмоўца.
І дачка, і зяць раней дапамагалі ў гаспадарцы, з садам. Цяпер гэтай дапамогі няма. Дачка перадае парады, як даглядаць зямлю. Маці прыслухоўваецца.
«Яны кажуць, што ім там лепш, што лепшыя ўмовы для дзяцей. Больш магчымасьцяў. Гэта тое, што кампэнсуе, супакойвае. Мы прывыклі», — кажа суразмоўца і плача.
Яна ведае, што дзеці хочуць вярнуцца дадому, «але крышку ў іншую краіну».
«Пакуль так трэба жыць. А куды падзенесься? Напэўна, трэба проста навучыцца зьмірацца. Як ёсьць, так ёсьць. Чакаць лепшага. Чакаць і верыць. Вера, надзея, што ўсё роўна ўсё будзе так, як трэба. Яно ж будзе, толькі адсоўваецца. Ім жа таксама складана. Мы будзем, куды ж мы дзенемся. Усё вытрымаем. Абы былі здаровыя, абы ўсё там у іх было добра, тады і нам лягчэй», — падсумоўвае Ірына.
«Жыву ў маркоце»
Дачка Вольгі* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) зьехала разам зь сям’ёй зь Беларусі ў Польшчу праз палітычны перасьлед. Яны ня бачыліся два гады.
«Жыву ў маркоце. Менавіта іхная сям’я была маёй сям’ёй. Адгаварыць не спрабавала. Ведала цану гэтаму эгаізму. Ведала дэталі. Была побач. Шкадую толькі, што давялося жыць у такі абсурдны час, што досыць доўга маё пакаленьне адварочвалася ад палітыкі. Самае цяжкае наступства — немагчымасьць бачыць, як растуць любімыя ўнукі, быць побач зь імі», — кажа суразмоўца.
Яна адчувае наступствы пераезду дачкі зь сям’ёй і ў гаспадарцы: няма каму дапамагаць у доме, даглядаць тэрыторыю вакол яго. Кажа, што ёй самой цяжка за ўсім сачыць, бо ўжо ў пажылым узросьце, да таго ж мае хваробы.
«Дачка ня кідае мяне. Кантактуем штодня. Гэта ратуе», — заўважае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ў роспачы». Пагаварылі з тымі, хто думае вярнуцца ў Беларусь пасьля сканчэньня тэрміну даўніны «за пратэсты»