Беларусы працягваюць супраціўляцца з уражальнай стойкасьцю і крэатыўнасьцю, — Article 19

Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Вільні, архіўнае фотаLithuania — Action of solidarity with Belarusian political prisoners in Vilnius, Lithuania, 21May23

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Article 19 выпусьціла заяву да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі.

Нягледзячы на згушчэньне атмасфэры страху, беларуская грамадзянская супольнасьць не зьнікла, а перабудавалася. Яна прыстасавалася да надзвычай варожых умоваў і працягвае супраціўляцца з уражальнай стойкасьцю і крэатыўнасьцю, — гаворыцца ў заяве.

Як у Беларусі, так і за мяжой людзі знаходзяць новыя спосабы падтрымліваць суайчыньнікаў, выкрываць парушэньні правоў чалавека і захоўваць дух супраціву.

Людзі працягваюць дапамагаць адно аднаму, вучацца лічбавай бясьпецы, дакумэнтуюць злачынствы рэжыму і не даюць сьвету забыцца на бяспраўе ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандысты паказалі відэа, каб скампрамэтаваць Ціханоўскую. Яна патлумачыла, адкуль узяўся канвэрт з грашыма


Больш за тысячу чалавек застаюцца за кратамі за рэалізацыю сваіх фундамэнтальных правоў. Палітвязьні працягваюць сутыкацца з катаваньнямі і нечалавечым стаўленьнем.

Але нядаўняе вызваленьне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 вязьняў паказвае, што ціск працуе і працягваць яго — жыцьцёва важна, лічаць у Article 19.

Праваабаронцы заклікалі міжнародную супольнасьць да рашучых дзеяньняў, каб прымусіць улады ў Менску паважаць правы чалавека, выконваць міжнародныя абавязацельствы, вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць судовы перасьлед тых, хто выступае за перамены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Даніла Палянскага асудзілі на 10 гадоў за «здраду дзяржаве». Хроніка перасьледу

Article 19 — міжнародная праваабарончая арганізацыя, створаная ў Вялікай Брытаніі ў 1987 годзе.

Назва арганізацыі паходзіць ад артыкула 19 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, які абвяшчае, што:

«Кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў і на свабоднае іх выяўленьне; гэта права ўключае свабоду бесьперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананьняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў».

Арганізацыя працуе ва ўсім сьвеце, каб змагацца з цэнзурай, абараняць журналістаў і праваабаронцаў, а таксама ўплываць на законы, каб яны адпавядалі міжнародным стандартам у галіне свабоды слова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі зрабіла заяву ў сувязі з канфэрэнцыяй Ціханоўскай у Варшаве