Берасьцейскі абласны суд у закрытым рэжыме асудзіў журналіста-фрылансера Даніла Палянскага на 10 гадоў калёніі і выплату 21 тысячы рублёў штрафу паводле 356-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.
Сутнасьць абвінавачваньняў невядомая.
54-гадовага Даніла Палянскага затрымалі ў верасьні 2024 году пасьля вяртаньня з Расеі.
Раней ён супрацоўнічаў зь дзяржаўнымі і незалежнымі мэдыя, а ў апошнія гады быў вядомы як валянтэр пошукава-выратавальнага атраду «Анёл», — паведаміў БАЖ.
У Беларусі цяпер чатыры журналісты асуджаныя за «здраду дзяржаве»: Андрэй Аляксандраў, Кацярына Андрэева (Бахвалава), Дзяніс Івашын, Даніл Палянскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналістыЗа два дні праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 13 чалавек
Гэта Павал Аляксееў, Ігар Бурдэль, Анастасія Гарчакова, Кацярына Дзяруга, Аляксандар Здаравеннаў, Вадзім Здаравеннаў, Вольга Калпакова, Рычард Логвінаў, Марына Мазоўка, Валянцін Нікішын, Ян Пацюпа, Анастасія Сікірская, Станіслаў Сіліч.
Кватэру Аляксандры Герасімені прадаюць з аўкцыёну
4-пакаёвую кватэру, дзе была зарэгістраваная алімпійская прызэрка Аляксандра Герасіменя зь сямʼёй, улады выставілі на таргі 19 жніўня. Паводле спартоўкі, кватэра належала ня ёй, а ейнаму сваяку, але была арыштаваная разам зь іншай маёмасьцю яшчэ ў 2022 годзе, калі Герасіменю завочна асудзілі на 12 гадоў, піша «Люстэрка».
У Беларусі заблякавалі ўкраінскі сайт «Главком»
У Беларусі заблякавалі ўкраінскі сайт «Главком» па пастанове пракурора Магілёўскай вобласьці — за «матэрыялы, накіраваныя на дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і кіраваньня», піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры гады будуць выкрасьленыя з жыцьця». Як асуджаныя да «хатняй хіміі» адбываюць пакараньне