Паводле слоў палітыка, такое рашэньне прыняў прэзыдэнт польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі ў адказ на зварот, які Латушка даслаў разам з выканаўцам абавязкаў прадстаўніка АПК па пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Паўлам Баркоўскім.
«Прэзыдэнт Варшавы выкажа салідарнасьць зь беларусамі, якія працягваюць верыць і змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, 9 жніўня — на пяцігодзьдзе пачатку нашых масавых пратэстаў, — сказаў Латушка. — Ён праінфармаваў нас, што Палац культуры і навукі будзе падсьветлены ў бел-чырвона-белыя колеры. Таксама ў колеры нашага нацыянальнага сьцяга будзе падсьветлены Сілезска-Дамброўскі мост».
«Вельмі высока цаню такі палітычны жэст з боку кіраўніка Варшавы — сталіцы Польшчы, польскіх уладаў увогуле і польскага грамадзтва. Тое, што робіць Польшча для нас, беларусаў, за апошнія пяць гадоў, безумоўна, ужо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларуска-польскіх адносін», — падкрэсьліў Латушка.
237-мэтровы Палац культуры і навукі месьціцца ў самым цэнтры Варшавы і зьяўляецца адным з самых пазнавальных будынкаў гораду.
Пабудаваны напрыканцы 1940-х гадоў Сілезска-Дамброўскі мост зьяўляецца адным з сымбаляў адраджэньня польскай сталіцы — гэта першы адноўлены мост у разбуранай пасьля Другой сусьветнай вайны Варшаве. Злучае цэнтральныя раёны Срудмесьце і Прага-Пулноц.
- 5 жніўня Міністэрства замежных спраў Беларусь выступіла з завай, у якой гаворыцца, што 9–10 жніўня ў Варшаве, на плошчы імя Пілсудзкага, а таксама ў Варшаўскім унівэрсытэце пройдзе мерапрыемства, мэта якога – «нанясеньне шкоды Рэспубліцы Беларусь».
- У гэтыя дні ў польскай сталіцы пройдзе чацьвёртая канфэрэнцыя «Новая Беларусь», якую штогод ладзіць Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. У суботу, 9 жніўня, у цэнтры Варшавы адбудзецца шэсьце і мітынг «Марш Свабоды» з нагоды пятай гадавіны выбараў 2020 года.