Грузавікі перавозілі прадукцыю коштам 3 мільёны эўра. Яе сканфіскавалі на мытні Альбіца ў Румыніі праз падазрэньне, што груз можа мець вайсковае прызначэньне, у прыватнасьці, для вырабу бесьпілётнікаў ці вайсковай тэхнікі.
Як паведаміла румынскае выданьне «Ziarul de Iași», шкловалакно прызначалася для заводу ў Тыраспалі, які, паводле афіцыйнага Кішынёва, здольны вырабляць такую прадукцыю.
Юрысты кампаніяў — удзельніц угоды сьцьвярджаюць, што гэта небясьпечная блытаніна, і абвінавачваюць мытню ў нанясеньні стратаў у сотні тысяч эўра праз блякаваньне паставак кампаніі ў сэпаратысцкім рэгіёне Прыднястроўе.
«Гэта калясальная хлусьня. Хтосьці хоча, каб гэтыя тавары не дайшлі да Рэспублікі Малдова за ўсякую цану», — заявіў адвакат Драгамір Тамашэскі, наняты бакамі, якія ўдзельнічалі ў пастаўцы.
Паводле выданьня, чэская кампанія Labara SRO набыла сыравіну на беларускім прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» для тыраспальскага заводу Moldavizolit.
Паводле румынскіх мытнікаў, пададзеныя ім дакумэнты «выглядалі не зусім так, як трэба».
Першае, што прыцягнула іхную ўвагу, — гэта паходжаньне матэрыялаў, бо Беларусь знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за падтрыманьне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Па-другое, у красавіку 2024 году намесьнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Малдова ў пытаньнях рэінтэграцыі Алег Сэрэбран публічна заявіў, што некалькі заводаў на левым беразе Днястра больш не атрымліваюць дазволаў на экспарт «зь меркаваньняў бясьпекі», бо вырабляюць тавары падвойнага прызначэньня. Сярод іх быў і Moldavizolit. Адвакаты сьцьвярджаюць, што гэты завод выпускае толькі ліфты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Прыднястроўі амаль на палову скарацілася дзейнасьць прадпрыемстваў і даходы ад замежнага гандлюУ красавіку 2024 году Малдоўская служба Радыё Свабода паведамляла, што «да маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну тыраспальскі завод, зарэгістраваная ў Расеі яго даччыная кампанія і сястрынскі завод — Баброўскі ізаляцыйны завод у Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі — выконвалі дзясяткі кантрактаў зь Міністэрствам абароны Расеі на пастаўку тавараў прадпрыемствам вайскова-прамысловага комплексу Расеі.
Паводле крыніц выданьня, асноўнымі праблемнымі таварамі, якія выходзяць з цэхаў заводу ў прамысловай зоне на паўночнай ускраіне Тыраспалю, зьяўляюцца плястмасы для вытворчасьці друкаваных плятаў. «Калі да іх дадаюць мядзяныя драты, якія дазваляюць друкаваць электрычныя схемы, пляты робяцца ключавымі кампанэнтамі для вытворчасьці электроннага абсталяваньня ўсіх відаў — ад бытавой тэхнікі і кампутараў да абсталяваньня для зьнішчальнікаў і крылатых ракет», — сьцьвярджае крыніца выданьня.
Адвакаты ў сваю чаргу перадалі ў суд экспэртную выснову, паводле якога затрыманая прадукцыя ня мае падвойнага прызначэньня. Апроч таго, яны зьвярнулі ўвагу, што ўсе пастаўкі адбываліся да ўвядзеньня санкцыяў супраць беларускага прадпрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта выглядае вельмі маштабна». Як новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканоміку