Што за «ілжывы транзыт» выкарыстоўваюць беларусы, каб зьвярнуцца па міжнародную абарону

Польская паліцыя правярае аўтамабілі, ілюстрацыйнае фота

Польскія памежнікі затрымліваюць беларусаў, што скарысталіся «ілжывым транзытам», і дастаўляюць у суд, які вырашае, ці будуць яны чакаць вынікаў разгляду просьбы аб міжнароднай абароне ў закрытым лягеры для ўцекачоў, паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісьляк.

«Практыка памежных органаў Польшчы з канца чэрвеня зьмянілася, — заявіў ён. — Беларусы, якія ня мелі візы, карысталіся так званым „ілжывым транзытам“: ляцелі з адной бязьвізавай краіны ў іншую, а падчас транзыту падаваліся ў Польшчы на прытулак. Як правіла, гэта тычыцца вылетаў з Грузіі».

Найчасцей гэта былі беларусы, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяньня пашпарту і якія ня могуць атрымаць візу, удакладніў Кісьляк. Раней у Польшчы ў такіх беларускіх грамадзян прымалі заявы пра наданьне прытулку і, як правіла, не затрымлівалі.

«Цяпер усіх затрымліваюць і дастаўляюць у суд, і судзьдзі ўжо вырашаюць — зьмяшчаць у закрыты лягер або вызваляць, тады чалавек будзе чакаць рашэньня па яго справе на волі. І некалькі чалавек ужо ў лягеры», — адзначыў беларускі праваабаронца.

Кісьляку вядома пра чатыры такія выпадкі з 24 чэрвеня. Двое беларусаў цяпер знаходзяцца ў закрытым лягеры для мігрантаў, двое — на волі на падставе рашэньня суду. «Органы памежнай аховы кажуць, што беларусы інструмэнталізуюць права на прытулак», — падкрэсьліў Раман Кісьляк.

Напярэдадні праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала аналіз «Пастаянная часовая сытуацыя. Прававое становішча грамадзян Беларусі ў Польшчы і Эўрапейскім Зьвязе ў сьвятле рэпрэсіўнай палітыкі супраць грамадзянскай супольнасьці і эмігрантаў».

У аналізе адзначаецца, што польскія нормы «застаюцца недастатковымі для забесьпячэньня пачуцьця бясьпекі ў беларускай дыяспары. Праблемы з атрыманьнем карты побыту і польскага падарожнага дакумэнта пагаршаюць пачуцьцё няўпэўненасьці і пастаяннай нестабільнасьці».

Amnesty International заклікае польскія ўлады да ўкараненьня трывалых рашэньняў, якія палепшаць становішча беларусаў у Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International крытыкуе палітыку ЭЗ адносна рэпрэсаваных беларусаў