Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, у «Патрыятычны выбарчы блёк» увайшлі Партыя сацыялістаў, палітычная сіла «Сэрца Малдовы» і Партыя будучыні Малдовы, але чакаецца, што неўзабаве да іх далучыцца Партыя камуністаў на чале з былым прэзыдэнтам Малдовы Ўладзімірам Вароніным.
Лідэры блёку адмаўляюць прарасейскі характар іхнай праграмы, але выступаюць за аднаўленьне сувязяў з Масквой, аргумэнтуючы гэта эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі аспэктамі.
Найбольш папулярны зь лідэраў блёку Ігар Дадон апошнім часам прасоўвае ідэю «сувэрэнізму», мяркуючы, што збліжэньне Малдовы з Эўрапейскім Зьвязам пад кіраўніцтвам Маі Санду і Партыі дзеяньня і салідарнасьці (PAS) «заняволіць» краіну ва ўгоду замежным інтарэсам.
У інтэрвію румынскаму інфармацыйнаму парталу Hotnews.ro сацыяліст Ігар Дадон сказаў: «Эўропа не заўсёды дзейнічае ў нацыянальных інтарэсах дзяржаваў. Мы заўсёды дзейнічаем зыходзячы з нашых нацыянальных каштоўнасьцяў. Усе ведаюць нашу пазыцыю ў Рэспубліцы Малдова: мы — дзяржаўнікі, мы за нацыянальныя інтарэсы, мы супраць ЛГБТ-ідэалёгіі, мы падтрымліваем традыцыйную сям’ю».
Дадон таксама прасоўвае ідэю, што Эўрапейскі Зьвяз таемна падарве нэўтралітэт Рэспублікі Малдова, дапамагаючы ёй узбройвацца.
Новы выбарчы блёк лічаць найбольш сурʼёзным канкурэнтам кіроўнай партыі PAS, блізкай да прэзыдэнта Маі Санду, на выбарах 28 верасьня, асабліва з увагі на тое, што палітыкі, блізкія да алігарха-ўцекача Ілана Шора, сутыкаюцца зь бюракратычнымі перашкодамі для ўдзелу ў выбарах.
Раней Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы адмовіла ў рэгістрацыі блёку «Вікторыя» праз тое, што гэтая сіла зьяўляецца пераемніцай партыі Шора, прызнанай неканстытуцыйнаю.
Парлямэнцкія выбары ў Малдове пройдуць 28 верасьня. Паводле апошніх апытаньняў, кіроўная Партыя дзеяньня і салідарнасьці захоўвае лідэрства.
Форум